Тэма 2.2. Аманімія. Паранімія

Пытанні для самакантролю

  1. Раскрыйце сутнасць лексічнай аманіміі. Адзначце, які ўнутрымоўны фактар абумоўлівае з’яўленне амонімаў. Ахарактарызуйце шляхі ўзнікнення амонімаў. Выпішыце тры аманімічныя групы са “Слоўніка амонімаў беларускай мовы” В.Дз. Старычонка (Мн., 1991), ахарактарызуйце структуру слоўнікавага артыкула.
  2. Растлумачце, чым адрозніваюцца паміж сабой поўныя і няпоўныя лексічныя амонімы. Дайце азначэнне лексіка-граматычных амонімаў. Прывядзіце прыклады.
  3. Раскажыце аб практычных прыёмах размежавання амонімаў і мнагазначных слоў.
  4. Назавіце, якія словы лічацца амафонамі, амаформамі, амографамі. Адказ праілюструйце прыкладамі. Дакажыце, што гэтыя моўныя з’явы сумежныя з аманіміяй, а не відавыя ў дачыненні да яе.
  5. Ахарактарызуйце функцыі лексічных амонімаў, амафонаў, амаформаў, амографаў у творах мастацкай літаратуры.
  6. Акрэсліце шырокае і вузкае разуменне тэрміна “паронім”. Назавіце шляхі ўзнікнення паронімаў. Са “Слоўніка паронімаў беларускай мовы” С.М. Грабчыкава (Мн., 1994) выпішыце чатыры паранімічныя рады. Запомніце значэнне паронімаў. Ахарактарызуйце структуру слоўнікавага артыкула.
  7. Адзначце, у чым адрозненне параніміі ад паранамазіі. Адказ праілюструйце прыкладамі.

Практыкаванні

 

Практыкаванне 1. З дапамогай “Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы” размяжуйце амонімы і мнагазначныя словы. Дзе магчыма, карыстайцеся прыёмам падбору сінонімаў і  роднасных слоў.

Па драбінцы палез на страху – драбінка солі; апошняя старонка кнігі – цікавая старонка нашай гісторыі; дума пра будучыню – гарадская дума; прамяністае сонца – прамяністыя вочы; адносная ісціна – адносны прыметнік; падняўся бунт – бунт паперы; марская хваля – хваля нястрымнай радасці; курс самалёта – курс беларускай мовы; край сцэны – палескі край; баявы пост – пост вызначаецца царкоўным календаром.

Практыкаванне 2. Укажыце, якімі граматычнымі формамі адрозніваюцца прыведзеныя няпоўныя  лексічныя амонімы.

Завязаць1 ‘змацаваць’, завязаць2 ‘гразнуць у нечым топкім, сыпкім’; кардон1 ‘цвёрдая тоўстая папера’, кардон2 ‘дзяржаўная граніца, мяжа’; каня1 ‘драпежная птушка, канюк’, каня2 ‘глухая сцяна ў хаце’; касач1 ‘травяністая расліна’, касач2 ‘цецярук-самец’; ласка1 ‘пряўленне любові і пяшчоты’, ласка2 ‘невялікая жывёліна сямейства кунцовых’; паспець1 ‘зрабіцца спелым’, паспець2 ‘своечасова здолець, змагчы, трапіць’; тэрмін1 ‘пэўны прамежак часу’, тэрмін2 ‘слова (злучэнне слоў), што абазначае пэўнае паняцце ў навуцы, тэхніцы, мастацтве’.

Практыкаванне 3. Складзіце словазлучэнні, падабраўшы да кожнага назоўніка прыметнік у патрэбнай форме. Растлумачце значэнне паронімаў.

(Аб’ёмісты, аб’ёмны) праца, рукапіс, разьба; (абмежавальны, абмежаваны) ужытак, чалавек, часціца; (назіральніцкі, назіральны) юнак, абавязак, пункт; (дробны, дробавы, дробязны) лік, дождж, грошы, апека; (цікавы, цікаўны) артыкул, хлопчык, назіранне; (ілюстраваны, ілюстрацыйны) малюнак, кніжка, матэрыял; (даказальны, даказаны, доказны) аргументацыя, злачынства, палажэнне.

Практыкаванне 4. Падрыхтуйце выступленне на пасяджэнні школьнага лінгвістычнага гуртка “Культура маўлення” на тэму “Міжмоўныя амонімы і паронімы”.

Практыкаванне 5. Растлумачце значэнне прыведзеных ніжэй назоўнікаў – міжмоўных амонімаў і паронімаў, што ўжываюцца ў беларускай і рускай мовах. Пры неабходнасці звяртайцеся да слоўніка      С.М. Грабчыкава «Межъязыковые омонимы и паронимы: Опыт русско-белорусского словаря» (Мн., 1980).

Поўнач – полночь, диван – дыван, натиск – націск, нарекать – наракаць, браковать – бракаваць, даровать – дараваць, вестник – весніцы, властный – уласны, гонор – гонар, жалиться – жаліцца, листопад – лістапад, местный – месны, гребля – грэбля, жáлоба – жалóба, манить – маніць, прозвище – прозвішча, беседа – бяседа, отказ – адказ, подорожник – падарожнік, плот, брак, люстра, рог, уступ, склон, краска, мех.

Практыкаванне 6. Напішыце апавяданне “Надыход вясны”, выкарыстаўшы  прыведзеныя паронімы.

Грымлівы – грымотны – грымучы; удыхнуць – уздыхнуць; шырыць – шырэць; паваротлівы – паваротны; пабуджаць – пабудзіць; іскравьí – іскраньí – іскрьíсты; вéтравы – вéтраны – ветраньí.